ТУНГУ́СА-МАНЬЧЖУ́РСКІЯ МО́ВЫ, тунгускія, маньчжура-тунгускія мовы,

група блізкароднасных моў Сібіры і Д. Усходу, якія, паводле меркавання шэрагу даследчыкаў, уваходзяць у алтайскую моўную сям’ю (гл. Алтайскія мовы). Пашыраны ў Сярэдняй і Усх. Сібіры (значная частка таежнай зоны), на ўзбярэжжы Ахоцкага мора, у Прыамур’і (Расія), Кітаі (Паўн.-Усх. Кітай, Сіньцзян-Уйгурскі аўт. раён), Манголіі (раён Баргі). Да Т.-м. м. належаць эвенкійская (з салонскай і негідальскай), эвенская, удэ(ге)йская (з орачскай), нанайская (з ульчскай і оракскай), маньчжурская (з чурчжэньскай) мовы. Інш. моўныя ўтварэнні цяжка вылучыць з-за дыялектнай раздробленасці Т.-м. м. Ім уласцівы: у фанетыцы сінгарманізм, дыфтонгі; грамат. лад аглюцінатыўны, суфіксальны; у лексіцы шмат запазычанняў з суседніх моў, у прыватнасці з рускай; для сказа характэрны намінатыўны лад. Пісьменства на чурчжэньскай мове з 12 ст. Сучаснае пісьменства на эвенкійскай, эвенскай і нанайскай мовах створана ў 1930-я.г. на аснове рус. графікі, стараж.-маньчжурскае пісьменства на манг. аснове.

Літ.:

Языки народов СССР. Т. 5. Л., 1968.

А.​А.​Кожынава.

т. 16, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)